Валентина Калиновская — женщина, которая поет…

IMG_2659Менавіта той, якая марыла аб сцэне і выйшла на яе ўпершыню ў свае чатыры гадкі, было прысвечана чарговае пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні “Субяседнік”, што плённа працуе пры цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Валянціна Каліноўская нарадзілася і вырасла ў в.Туча Клецкага раёна ў сям’і мясцовых інтэлігентаў. Менавіта гэтага статусу ўдастойваліся тады ў вёсцы медыкі і настаўнікі. У іх заўсёды было шмат самых розных кніг, і калі мама – мясцовы фельчар – аддавала перавагу медыцынскай і навуковай літаратуры, то з татам маленькая Валя зачытвалася ўсім астатнім. Але дзіўным было іншае: яшчэ не вымаўляючы добра слоў, дзяўчынка раптам… заспявала, ды так прыгожа і чыста! Мама пра дзіця, якому споўнілася толькі два гадкі, сказала, быццам у ваду глядзела: артысткай будзе наша Валя!
І пацяклі нетаропка гады. Валя ўжо ў свае няпоўныя чатыры смела выходзіла на сцэну Тучанскага клуба і спявала, спявала… А бацькі вельмі радаваліся, хоць у глыбіні душы, з вышыні свайго жыццёвага вопыту разумелі: дзяўчынку абавязкова трэба вучыць музыцы і спевам. А Валянціна і далей працягвала прыемна здзіўляць: усіх дзяцей прымалі ў першы клас у сем гадоў, а яе ўзялі ў няпоўных шэсць, аднакласнікі ад урокаў стагналі, а яна тры разы на тыдзень яшчэ дадаткова ездзіла ў Клецкую музычную школу амаль што за 20 км… Сёння Валянціна Віктараўна ўспамінае, як цяжка было ёй, маленькай вясковай дзяўчынцы, вытрымліваць такі напружаны графік: настаўнікі не хацелі пускаць з апошняга ўрока на сем хвілін раней, нялёгка было выстойваць у перапоўненым аўтобусе ўсю дарогу да Клецка, не прыносілі асаблівай радасці і заняткі ў музычнай школе ў адзіны выхадны ад школы – нядзелю, калі можна было не спяшацца і паспаць крыху пазней… Гэта зараз, калі ўжо дарослыя свае дзеці, калі абдымаюць за шыю ўнукі, разумее: без тых намаганняў, пераадольвання самой сябе, нічога б не атрымалася. А яна не проста марыла аб сцэне – жыла ёю! Колькі было шчасця, калі ў іх службовай кватэры (другім канцы драўлянага ФАПа) з’явілася новенькае фартэпіяна! І толькі пасля ўсвядоміла Валянціна, што яе бацькам, дзеля гэтага падарунка дачцэ, прыйшлося выгадаваць і прадаць ажно дзве свінні! А Яўгенія Васільеўна, любячая мама, падштурхоўвала дачку, тлумачыла, што сцэна – гэта яе жыццё, і што Валянціна абавязкова будзе спяваць! І ўсё здзейснілася.
Вучоба i праца па любiмай спецыяльнасцi
Чатыры гады ў Баранавіцкім музычным вучылішчы ўспамінае Валянціна Віктараўна Каліноўская з асаблівай цеплынёй у сэрцы, нягледзячы на ранішні пад’ём з першымі промнямі сонца. Гэта сённяшнія студэнты мараць, каб і аўдыторыі свабоднай раптам не знайшлося (больш пабавіць часу без педагога), і пары можна прапусціць без уважлівай прычыны, калі ў выкладчыка “мяккае” сэрца. Студэнты ж 70-х гадоў былі зусім іншымі: стараліся першымі прыбегчы ў вучылішча, каб заняць сабе клас для заняткаў музыкай. З дня ў дзень было па шэсць гадзін практыкі на музычных інструментах, вакалу. Паспяхова скончыўшы навучальную ўстанову ў 1974 годзе, адразу хацела застацца ў Баранавічах, толькі Клеччына прыцягвала больш. Аднак і тут, у Клецкай дзіцячай музычнай школе, было маладой выкладчыцы тэарэтычных дысцыплін недастаткова размаху. Арганізаваўшы дзіцячы хор, які ў хуткім часе заваяваў сэрцы гледачоў, Валянціна збірае ў хор дарослых Тучы, дзе спяваюць каля 40 вясковых жанчын і мужчын. Займаюцца настойліва, пасля работы (бо кожны ж працуе: хто ў калгасе, хто ў канторы, хто ў школе) і да позняга вечара. І вынікі не заставілі сябе чакаць доўга: паспяховае выступленне на рэспубліканскім аглядзе самадзейнасці, дзе сам Г.І.Цітовіч дае высокую адзнаку харавікам і адзначае прафесійнае майстэрства В.В.Каліноўскай.
Плённымі былі і наступныя гады маладога музычнага кіраўніка. Акрамя асноўных гадзін у школе, вяла заняткі з харавымі групамі ў Тучанскім СДК і на Клецкім кансервавым заводзе, рыхтавала ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці райгаза да абласнога агляду-конкурсу і медработнікаў ЦРБ да прафесійнага свята, добра “саспяваліся” і з калектывам РВЭС. На працягу чатырох гадоў В.В.Каліноўская рыхтавала агідбрыгаду сандружыны Клецкага ВХЗ, і 18 – заставалася нязменным кіраўніком харавога гурта Клецкага ПТВ-206. Дарэчы, гэты творчы саюз з установай прафесійнай адукацыі, а таксама дапамога калег-аднадумцаў С.Б.Юлбарысавай, Г.М.Чычко і Ю.Р.Эверта прынеслі шмат узнагарод калектыву, аб чым не аднаразова пісала і наша раённая газета. Працавала Валянціна Віктараўна і ў школах раёна – Сіняўскай і Кунцаўскай, у Чырваназоркаўскім і другім гарадскім дзіцячых садах.
Расцi i самаудасканальвацца
Памятаеце словы: “Век жыві – век вучыся”? Вось па такім прынцыпе жыла і жыве Валянціна Віктараўна Каліноўская. Якой бы ўдалай і насычанай не была яе практыка, аднак лічыла маладая педагог, што трэба развівацца і самой, быць на творчай хвалі, якая сёння нясе тое новае, чаго патрабуе час. Таму і паступае ў 1985 годзе ў Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага на факультэт музыкі і спеваў. Прыгожай і надзвычай таленавітай жанчыне трэба сумяшчаць літаральна ўсё: працу, творчыя выступленні, вучобу і клопат пра сям’ю. Усё гэта віхрам, у якім адно змяняла другое, працягвалася да 2009 года. За гэты значны адрэзак жыцця мяняюцца і калектывы, дзе яна працуе, і ўласны рэпертуар, вырастаюць дзеці…
Сям’я
Анёлам-ахоўнікам называе В.В.Каліноўская сваю матулю. Сёння Яўгеніі Васільеўне ўжо 88 гадоў, але яна ўсё такая ж “жывая”, аптымістычная, нягледзячы на ўзрост, хваліць і падтрымлівае дачку ва ўсіх яе справах.
– Я ж не ведала, што Валя будзе сёння спяваць, – шэпча мне жанчына, падсеўшы бліжэй, – а яна ж – гляньце, якая маладзец! Праз тыдзень зноў паедзе ў Амерыку, яна і там патрэбная. А я на тры месяцы застануся адна ў вялікім доме, таму ўжо зараз так сумна…

І вочы пажылой жанчыны напоўніліся слязьмі. Але не ад таго, што зараз жыве ў Клецку, а думкамі часта ў Тучы, а таму, што дачцэ няпроста “разрывацца” на дзве краіны, што шлях Беларусь-ЗША, Клецк-Ворхес стаў звыклым для статнай, прыгожай і элегантнай Валянціны Каліноўскай. А яна спявае і там, калі збіраюцца ў адным месцы ў далёкай чужой краіне разам рускія, калі прыходзяць слухаць менавіта яе, такую родную і сваю славянскую душу. Валянціна Віктараўна садзіцца тады за фартэпіяна, кранае рукамі клавішы і льецца мілагучная песня ў яе выкананні, як успамін аб радзіме, аб любых сэрцу мясцінах кожнага, хто цяпер жыве за акіянам. Але мінаюць гэтыя тры месяцы, і Караліна, якая жыве ў Злучаных Штатах на працягу васьмі гадоў, адпускае маму дамоў, бо ў Клецку тую чакае другая дачушка, Вераніка, якой таксама патрэбен клопат роднага чалавека. Так В.В.Каліноўская то з замежнымі унукамі Ноам і Джонатане, то з Веранікай, зяцем, унучкамі Настачкай і Янай у Клецку. І па такім раскладзе жыве ўжо шмат часу…
Сябры i калегi
У таленавітага чалавека, рамантычнай натуры, неспакойнай і незвычайна працаздольнай асобы, шыкоўнай і прыгожай жанчыны Валянціны Каліноўскай шмат аднадумцаў, калег і сяброў. Прычым – сапраўдных, а не “аднаразовых”. Яна не ўмее прызвычайвацца да абставін, любой справе аддаецца ўся без астатку. І гэта рыса характару прымушае працаваць самааддана, адбіраючы шмат сіл і здароўя.
…На экране адзін другога змяняюць відэакадры канцэртных праграм з удзелам В.Каліноўскай: вось яна яшчэ зусім маладая і сціплая, тут ужо 2001 год, 2002, 2005… Вядучая вечара-прысвячэння, дырэктар ЦБС Людміла Уладзіміраўна Цімавец вядзе нетаропкі аповед аб жыцці таленавітай жанчыны, гартаюцца фотаздымкі на белым палатне экрана, а я лаўлю сябе на думцы: на кожным кадры – прыгожая, абаяльная, строга-шыкоўная жанчына, на якую проста нельга не любавацца! І толькі голас той жа: у адной песні ён ласкава-сціплы, у другой – трывожна-хвалюючы, у іншай – загадкава-таямнічы, але заўсёды – мілагучны і цёплы, які вырываецца з самай глыбіні душы і ў якім жыве любоў: да жыцця, да песні, да тых, хто мілы і дарагі сэрцу…
Удала падабраныя фотаздымкі адлюстроўвалі ўсе этапы жыцця гераіні творчага вечара: маленства, юнацкія гады, працоўная і творчая дзейнасць, сям’я, сябры, калегі, вучні… Песні дарылі сваёй настаўніцы ў той вечар сённяшнія зоркі мастацкай самадзейнасці Клеччыны Наталля Крыцук і Вераніка Картамышава, самыя шчырыя словы (таксама праз песню) прысвячалі гэтай чароўнай жанчыне калегі па сцэне Сяргей Галубкоў і Васіль Палівода. І яна сама заспявала, шчыра і пранікнёна, як умее толькі Каліноўская!
А потым надышоў самы хвалюючы момант для нядаўняй юбіляркі, якая 13 кастрычніка адзначыла “свае дзевятнаццаць” (іншую дату проста ніхто не хацеў прымаць – аўт.) – віншаванні і пажаданні: ад мамы, удзельніцы Тучанскага хору Я.М.Анікей, а таксама ад сяброў і прыхільнікаў яе таленту М.У.Сельвановіч, В.П.Лабажэвіч, сям’і Навіцкіх, М.П.Пабудзей, В.Н.Стрэльчык, А.В.Панкратовіч, С.М.Камінскай, Н.А.Скрыба, Т.В.Бабяк, У.П.Паклонскага…
Да чаго хiлiцца сэрца
Я ўвесь вечар назірала за Валянцінай Віктараўнай, і некалькі разоў на працягу трох гадзін (менавіта столькі доўжылася тое кастрычніцкае пасяджэнне “Субяседніка” ва ўтульнай гасцёўні РЦК) лавіла сябе на думцы, што многія моманты са свайго жыцця В.Каліноўская ўжо і забыла, а вось супрацоўнікам раённай бібліятэкі, якія рыхтавалі гэта мерапрыемства, атрымалася не толькі адшукаць цікавыя імгненні сустрэч у жыцці мясцовай знакамітасці, але і нагадаць іх.
Нечаканым і цікавым было апытанне самой віноўніцы ўрачыстасці. Так стала вядома, што падабаюцца Валянціне Віктараўне больш за ўсё хрызантэмы і лета; любімым заняткам лічыць гатаванне ежы, а сама аддае перавагу рыбе; слухае ў вольную часіну шансон, песні з рэпертуара Л.Успенскай, аднак “Снег” у выкананні Ф.Кіркорава ў гэтым спісе на першым месцы; прачытала ўсіх беларускіх класікаў, а ледзь ці не настольнай кнігай лічыць “Навелы” О.Генры; сярод телеперадач назвала “Голас”, “На ноч гледзячы”, “Сустрэчы з Познерам”; на працягу 15 гадоў карысталася касметыкай “Арыфлэйм”, а цяпер аддае перавагу “Эстэ лаўдэр”; доўгімі зімовымі вечарамі любіць узяць у рукі томік С.Ясеніна…
Вось такая яна, Валянціна Віктараўна Каліноўская, таленавітая і прыгожая жанчына, з цудоўным пачуццём гумару, якая марыць і гаворыць толькі аб высокім і ўзнёслым, бязмежна любіць сваю сям’ю, шчыра хвалюецца за сяброў, радуецца поспехам тых, каму была настаўніцай.
Дык няхай у яе заўсёды, як і цяпер, усё будзе прыгожа, гучна, натхнёна і ўзвышана!

Валянціна Сянкевіч. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *